З канца ХІХ ст. знікаюць курныя хаты, на змену якім прыходзяць так званыя “чыстыя”, што выклікала патрэбу ў аздабленні інтэр’ера, стымулявала пашырэнне новых відаў беларускага народнага мастацтва. Карункі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздобілі сцены, бэлькі, вокны, мэблю, паліцы для посуду, абразоў.

Даследчыкі адзначаюць падабенства польскіх і беларускіх выцінанак. Дарэчы, тэрмін “выцінанка” часцей ужываўся на захадзе Беларусі (як і ў Польшы і Украіне).  

Пашырэнне выцінанкі ў беларускім народным побыце прыпадае на канец ХІХ – пачатак ХХ стст. і звязана са зменамі ў характары народнага  жылля, з адноснай даступнасцю і таннасцю паперы, з новымі тэндэнцыямі ў народным мастацтве. З канца ХІХ ст. знікаюць курныя хаты, на змену якім прыходзяць так званыя “чыстыя”, што выклікала патрэбу ў аздабленні інтэр’ера, стымулявала пашырэнне новых відаў беларускага народнага мастацтва. Карункі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздобілі сцены, бэлькі, вокны, мэблю, паліцы для посуду, абразоў.

Даследчыкі адзначаюць падабенства польскіх і беларускіх выцінанак. Дарэчы, тэрмін “выцінанка” часцей ужываўся на захадзе Беларусі (як і ў Польшы і Украіне). 

Трэба адзначыць, што на Беларусі захавалася не так шмат старажытных узораў дадзенага віду народнай творчасці. Гэта звязана з нетрываласцю матэрыяла. Калі выцінанка мела непрывабны выгляд, то яе замянялі на новую, захоўваць старыя не мела сэнсу, бо іх стваралі адносна лёгка і хутка. Таму вельмі складана прасачыць рэгіянальныя асаблівасці беларускай выцінанкі. Сёння можна казаць аб асаблівасцях выканання асобных майстроў-выцінаншчыкаў.

Тэхналогія стварэння выцінанак засноўваецца на асаблівасцях матэрыялу. Такога паўтарэння аднаго ўзора ці матыву нельга дабіцца ад іншых матэрыялаў, акрамя паперы. Матывы дэкору выцінанак надзвычай разнастайныя. Традыцыйна выдзяляюць тры тыпы стварэння выцінанак.

Разеткавыя (цэнтрычныя, замкнёныя) выцінанкі ўяўляюць сабой круг ці шматвугольную ажурную кампазіцыю, дзе малюнак разыходзіцца веерам ад цэнтра. Такім спосабом выразалі “кветкі” на сцены, сурвэткі на мэблю, сёння – “сняжынкі”.

Сіметрычная (люстэркавая) кампазіцыя мае дамінуючую вертыкальную вось сіметрыі, ад якой справа і злева люстэркава паўтараецца выразны малюнак. Такім спосабам ствараліся старажытныя матывы ў выглядзе Дрэва жыцця і букетаў кветак. Такія выцінанкі наклейваліся на сцяну. Часам камбінацыя стваралася з рознакаляровай паперы (паліхромная). Менавіта такія выцінанкі (мона- ці паліхромныя) сёння скарыстоўваюцца як карціны-пано, афармляюцца пад шкло.

Калі доўгі аркуш ці стужку паперы складвалі “гармонікам”, то ўзор з многімі вертыкальнымі восямі сіметрыі шматразова паўтараўся па гарызанталі. Так атрымоўваўся рапартны тып выцінанкі. Такім спосабам выразалі фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, дэкаратыўную акаймоўку на абразы і люстэркі.

Сучасная беларуская выцінанка – вельмі адметная і самастойная мастацкая з’ява.  Даследчыкі кажуць аб адраджэнні гэтага віду народнай творчасці ў апошнія два дзесяцігоддзі. Адыход ад практычных і ўтылітарных функцый, набыццё ўласнай мастацкай самакаштоўнасці, імкненне і здольнасць адлюстраваць любую тэму прывялі да іншага стаўлення да выцінанкі. Цяпер  гэта аб’ект музейных калекцый, выставак народнага мастацтва; арыгінальны падарунак і сувенір.

Знакаміты даследчык беларускага народнага мастацтва Яўген Сахута адзначае, што ўсе вышэйадзначаныя тэндэнцыі найбольш яскрава праяўляюцца менавіта ў беларускай сучаснай выцінанцы. Разам з тым, у творчасці ўсіх сучасных майстроў-выцінаншчыкаў, нягледзячы на разнастайнасць тэм і прыёмаў, прасочваецца сувязь з традыцыяй.

Тэматыка твораў майстроў Гродзеншчыны рознабаковая – ад адлюстравання побыта, фальклора, міфалогіі, традыцыйных святаў і  абрадаў, замалёвак народнага жыцця, помнікаў архітэктуры да глыбока філасофскіх сюжэтаў. Свае майстры-выцінаншчыкі ёсць у кожным рэгіёне Гродзенскай вобласці.